На беларуска-украінскай мяжы быў затрыманы журналіст

ГатоўчыцНа мяжы з Украінай на памежным пераходзе Новая Гута памежнікі затрымалі  гомельскага журналіста, сябра ГА “БАЖ” Анатоля Гатоўчыца. Пра гэта ён паведаміў па тэлефоне прэс-службе БАЖ.

Па словах Анатоля Гатоўчыца, яго западозрылі ў тым, што ён парушыў парадак прабывання ў памежнай зоне.

Журналіст прыехаў падрыхтаваць матэрыял пра тое, як змянілася сітуацыя на мяжы ў сувязі з апошнімі падзеямі ва Украіне.

“Я падышоў да старэйшага змены, паказаў пасведчанне карэспандэнта БелаПАН і папрасіў пракаментаваць сітуацыю на мяжы на сёння – ці змяніўся паток людзей у абодва бакі. Памежнік ўзяў пасведчанне, пайшоў нешта высвятляць, потым запатрабаў дакументы, якія пацвярджаюць асобу”, — распавёў Анатоль Гатоўчыц.

Паколькі журналіст не прад’явіў пашпарт адразу з пасведчаннем, яго затрымалі для высвятлення абставін.

Прыкладна праз гадзіну пасля затрымання Анатоля Гатоўчыца адпусцілі без складання пратаколу. На развітанне старшы прапаршчык Патапенка папярэдзіў журналіста, што для працы ў памежнай зоне трэба загадзя браць дазвол ад памежнай групы.

Фота Антона Сурапіна

Leave a Comment