Сотні беларусаў развітваюцца з Апошнім Народным паэтам (фота)

Цырымонія развітання з народным паэтам Беларусі Рыгорам Барадуліным праходзіць у мінскім касцёле Святых Сымона і Алены (Чырвоны касцёл). Паэт памёр у Мінску 2 сакавіка ва ўзросце 79 гадоў. Цырымонія ў Чырвоным касцёле праходзіць у фармаце «ціхай малітвы», якая пачалася ў  9.45. Да прызначанага часу тых, хто хацеў развітацца з Барадуліным, было ўжо некалькі соцень. Сярод іх гісторык Уладзімір Арлоў, старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч (Сачанка), кіраўнік Беларускага ПЭН-цэнтра Андрэй Хадановіч, паэт і палітык Уладзімір Някляеў, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, кіраўнік Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца, кіраўнікі Аб`яднання беларусаў свету «Бацькаўшчына», экс-кандыдат у прэзідэнты, былы палітзняволены Аляксандр Казулін. Людзі нясуць вянкі, кветкі.

Спачуванні родным Рыгора Барадуліна выказаў 4 сакавіка Аляксандр Лукашэнка. Варта, аднак, сказаць, што афіцыйных асоб на цырымоніі развітання пакуль няма, паведамляе БелаПАН.

За тымі, хто прыйшоў развітацца з народным паэтам, назіралі невядомыя людзі ў цывільным, якія з раніцы былі каля касцёла.

Паколькі Барадулін прылічваў сябе да ўніятаў, паніхіда пачалася па грэка-каталіцкай традыцыі. Перыядычна пад скляпеннямі храма гучыць беларуская валынка. Паэт апрануты ў вышытую беларускую кашулю.

З Мінска Рыгора Барадуліна праводзяць у апошні шлях ва Ушачы (Віцебская вобласць), дзе ён будзе пахаваны на мясцовых могілках, побач са сваёй маці.

Рыгор Іванавіч Барадулін нарадзіўся 24 лютага 1935 года на хутары Верасоўка (Ушацкі раён Віцебскай вобласці). Скончыў Ушацкую сярэднюю школу ў 1954 годзе, у 1959-м — філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

У розны час працаваў у такіх перыядычных выданнях, як газета «Советская Белоруссия», часопісах «Бярозка» і «Полымя», а таксама ў шэрагу выдавецтваў, сярод якіх «Беларусь» і «Мастацкая літаратура». У апошнім выдавецтве Барадулін працаваў больш як 20 гадоў — спачатку рэдактарам, пазней загадчыкам рэдакцыі.

Рыгор Барадулін браў актыўны ўдзел у стварэнні Беларускага ПЭН-цэнтра і кіраўніцтве ім, быў членам Саюза беларускіх пісьменнікаў. З`яўляўся членам Партыі БНФ, а з 1989 года — членам сойма гэтай партыі.

Пяру Рыгора Барадуліна належаць больш за 70 паэтычных зборнікаў, каля 30 зборнікаў перакладаў, мноства крытычных артыкулаў і эсэ. Яго творы перакладзеныя амаль на 40 моў.

2woJs5LtUxU

kuV_zt0yIug

ju7MaCaSzz8

GUPFdyTViWc

OdvCVgHvLO8

TrBlN70R6jQ

n_f-vrYKJ9E

Фота: «Трезвый Взгляд»

Leave a Comment