Справа Піліпца. Экс-мэр не прызнае ў судзе абвінавачванні

25 сакавіка у Магілёве атрымаў працяг судовы працэс па справе Віктара Піліпца — былога старшыні Гомельскага гарвыканкама, паведамляе БелаПан.

Зараз падсуднаму ставяць ў віну незаконнае адчужэнне з камунальнай уласнасці 24 кватэр, якія затым былі прададзены па цане значна ніжэйшай за рынкавую іх сваякам і знаёмым. Частка жылых памяшканняў была аформлена на падстаўных асоб. Чыноўнікам інкрымінуецца частка 3 артыкула 424 Крымінальнага кодэкса (злоўжыванне ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі).

Піліпец заявіў:

Абвінавачанні надуманыя, неаб’ектыўныя, прадузятыя і гэтак далей. У іх няма ніводнага слова праўды

Паводле слоў падсуднага, кватэры, якія фігуруюць у абвінавачанні, не з’яўляліся і не з’яўляюцца камунальнай уласнасцю. Яны не былі зарэгістраваныя ў БТІ як аб’екты нерухомасці. Гэта былі аб’екты долевага будаўніцтва.

Таксама Піліпец адмаўляе, што даваў сваім падпарадкаваным даручэнні, якія супярэчаць закону.

Што да набыцця кватэр для сябе і сваёй дачкі, то, паводле слоў Піліпца, яны абодва мелі патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў.

Звяртаючыся да дзяржаўнага абвінаваўцы, Віктар Піліпец заявіў, што будзе «вельмі расчараваны», калі суд стане на бок абвінавачання.

Нагадаем, 4 лістапада 2013г. Магілёўскі аблсуд пачаў разгляд крымінальнай справы, узбуджанай у дачыненні да службовых асоб Гомельскага гарвыканкама. Па дадзеных Следчага камітэта, абвінавачаныя ў верасні-кастрычніку 2011 года незаконна размеркавалі паміж сабой, сваімі сваякамі, блізкімі і знаёмымі кватэры ў новых шматкватэрных жылых дамах. Частка жылых памяшканняў была аформлена на падстаўных асоб.

З 17 сакавіка былы старшыня Гомельскага гарвыканкама абвінавачваецца толькі па частцы 3 артыкула 424 КК РБ — злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі, здзейсненае службовай асобай, якая займае адказнае становішча. Абвінавачванне ў саўдзельніцтве ў злачынстве (частка 4 артыкула 16 КК РБ) з Піліпца знята.

Leave a Comment