П’яны матацыкліст у Брэсце ўцякаў ад пагоні на хуткасці 200 км/гадзіну

SmokeПагоня працягвалася каля 30 хвілін.

Учора каля 11:30 брэсцкія інспектары дзяжурылі ў раёне дома №340 на вуліцы Маскоўскай. Іх увагу прыцягнуў кіроўца матацыкла Каwаsакi, які рухаўся без рэгістрацыйных знакаў. Кіроўца не спыніўся па патрабаванні і стаў хавацца. Інспектары ДПС на службовым аўтамабілі ДАІ з выкарыстаннем светлавой і гукавой сігналізацыі пачалі пераслед, піша onliner.by.

Пагоня праходзіла на праспекце Рэспублікі, вуліцах Кастрычніцкай рэвалюцыі, 28 Ліпеня, Суворава, Жукава, Ковельскай, трасах Р17 і Р94.

«Каля 12:00 кіроўца матацыкла быў затрыманы ў вёсцы Страдзеч Брэсцкага раёна, — распавяла Наталля Касьянік, старэйшы інспектар аддзела агітацыі і прапаганды ДАІ Брэсцкай вобласці. — Падчас пераследу правапарушальнік неаднаразова ствараў аварыйную абстаноўку на дарозе, прайшоў тры скрыжавання на забараняльны чырвоны сігнал святлафора, пры гэтым значна перавышаў устаноўленую хуткасць руху. На дарозе Р94 (Брэст — Тамашоўка) хуткасць руху матацыкліста дасягала звыш 200 кіламетраў за гадзіну».

«Пасля затрымання парушальніка было ўстаноўлена, што Каwаsакi кіраваў жыхар Менска 1991 года нараджэння, — дапоўніла Наталля Касьянік. — Пры гэтым яго фізічны стан выклікаў падазрэнне ў інспектараў, было прынятае рашэнне правесці медыцынскі агляд. Паводле акту агляду, у выдыханым паветры знойдзены этылавы спірт у канцэнтрацыі 0,88 праміле. Таксама было ўстаноўлена, што ў кіроўцы няма катэгорыі на права кіравання матацыклам, матацыкл не зарэгістраваны ва ўстаноўленым парадку і, як следства, у кіроўцы няма дамовы абавязковага страхавання».

У дачыненні да маладога чалавека складзена 8 пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэннях: за кіраванне ў п’яным стане, адсутнасць правоў, страхоўкі, невыкананне неаднаразовых патрабаванняў аб спыненні, тры праезды на чырвоны, стварэнне аварыйнай абстаноўкі. Матацыкл быў дастаўлены на штрафстаянку.

Leave a Comment