«Малады фронт» вырашыў падтрымаць 23-х асуджаных фанатаў БАТЭ

Зарэгістраваная ў Чэхіі моладзевая арганізацыя «Малады фронт» вырашыла падтрымаць 23-х заўзятараў БАТЭ, арыштаваных за падтрымку Еўрамайдану.

Актывісты «Маладога фронту» абвясцілі аб падтрымцы асуджаных прыхільнікаў футбола і прапанавалі ў сетцы Інтэрнэт сфатаграфавацца ўсім жадаючым з тымі ж атрыбутамі і плакатамі ў колькасці 23-х чалавек, пры гэтым не хаваць сваіх твараў.

Адзін з маладафронтаўцаў пракаментаваў «Трезвому Взгляду» гэтую ініцыятыву наступным чынам:

«Не думаю, што варта тлумачыць, што такое салідарнасць. Гэта чарговы сюр, калі людзі, сфатаграфаваўшыся ў падтрымку падзеяў у іншай краіне, атрымоўваюць адміністрацыйныя арышты ў нас. Варта неяк гэтаму супрацьстаяць, хоць паспрабаваць. І проста падтрымаць хлопцаў. Другі момант — я не думаю, што варта так ужо разлічваць на арышт. Тут і класічнае «ўсіх не пасадзяць» і тое, што б’юць па тых, хто звычайна не грамадска актыўны. Фанаты — менавіта тая група. Таму нам, маладафронтаўцам, прыхільнікам і іншым дэмакратычным актывістам не трэба асабліва перажываць. Ну, а калі і пасадзяць, то што паробіш».

Нагадаем , 23 фанаты барысаўскага БАТЭ былі асуджаныя да адміністрацыйнага арышту за нібыта «парушэнне правядзення масавых мерапрыемстваў».

Фанаты завочна атрымалі розныя тэрміны арыштаў і як мінімум 2 чалавекі ўжо адбываюць тэрмін.

27 студзеня ў сетцы Інтэрнэт быў апублікаваны здымак, на якім 23 футбольных заўзятара барысаўскага футбольнага клуба БАТЭ былі сфатаграфаваныя з бел-чырвона-белым сцягам у руках і плакатамі «Героям слава!», «Трымайся, Украіна, мы з вамі».

Трэба адзначыць, што на здымку асобы ўсіх удзельнікаў акцыі ў падтрымку ўкраінскага народа былі наўмысна зацёртыя.

«Трезвый Взгляд», фота: UDF

Leave a Comment