“Барані сваё”: Мая хата з краю – першым бой прымаю

Гомельскія грамадскія актывісты ад кааліцыі «Наша Альтэрнатыва» распачалі  кампанію па абароне прыватнай уласнасці.

Галоўная мэта кампаніі – гэта абарона інтарэсаў грамадзян перад свавольствам чыноўнікаў. Але дасягнуць паспеху ў абароне сваіх правоў можна толькі разам, толькі ў адзінстве і толькі згуртаванымі дзеяннямі грамадзян, падтрымліваючы адзін аднаго. Менавіта да гэтага заклікаюць людзей актывісты на старонке кампаніі УКантакце «Барані сваё»:

Грамадзяне павінны быць гаспадарамі ў сваім доме, падворку, раёне, горадзе і краіне ў цэлым. Папулярызацыя права прыватнай уласнасці, абарона інтарэсаў грамадзян перад свавольствам чыноўнікаў — асноўная мэта дадзенай суполкі. Дапаможам адзін адному адстаяць свае правы, інакш прападзем паасобку. Незалежныя органы мясцовага самакіравання — гарантыя недатыкальнасці ўласнасці грамадзян, права прыватнай уласнасці.

Роўнасць усіх відаў уласнасці перад законам з’яўляецца галоўным фактарам паспяховага эканамічнага развіцця любога грамадзяніна і дзяржавы ў цэлым.

Абаронім свае правы разам!

Стваральнік ініцыятывы «Барані сваё» Кастусь Жукоўскі распавёў наступнае:

Сацыяльныя сеткі – гэта сродак папулярызацыі нашай ініцыятывы, прыцягнення ўвагі грамадзтва да адсутнасці гарантыі прыватнай уласнасці. Праз інфармацыйную працу мы хочам паведаміць людзям, як можна бараніць свае правы, змагацца з беззаконьнем, карупцыяй, бюракратыяй.

Апроч інфармацыйнай і асветніцкай працы актывісты ходзяць на суды па забудовах і аказваюць юрыдычную дапамогу жыхарам Гомеля, піша belngo.info.

Сайт kli4nik.info падкрэсліў,  што апошнім часам у Гомелі вядзецца ўшчыльненне забудовы цэнтра горада і знос прыватных хат. Ахвярай гэтага працэсу стала і вуліца Валатаўская, гістарычную забудову якой на сённяшні дзень не атрымалася адстаяць у мінкульце грамадскім актывістам з гомельскага ТБМ і ГА “Талака”.

«Трезвый Взгляд»

Leave a Comment