Брытанцам забароняць паліць у машынах пры дзецях

Брытанскі парламент прыняў законапраект, які забараняе паліць у аўтамабілях у прысутнасці дзяцей. Пра гэта ўчора паведаміла Agence France-Presse, піша Lenta.ru. Як удакладняе The Daily Express, праект тычыцца толькі Англіі і Уэльса.

У падтрымку ініцыятывы выказаліся 376 членаў Палаты абшчын, супраць — толькі 107. За законапраект выступаў і прэм’ер-міністр Дэвід Кэмеран, які сам не прысутнічаў на галасаванні.

Законапраект надзяляе ўрад правам увесці пакаранне за парушэнне забароны на паленне. Па дадзеных BBC News, кабінет міністраў плануе скарыстацца гэтай магчымасцю.

Раней у падтрымку законапраекта выказваліся шматлікія абаронцы правоў дзяцей і лекары. У ліку актыўных праціўнікаў забароны апынуўся намеснік прэм’ер-міністра Нік Клег, які пры гэтым назваў «дурнымі» тых, хто паліць у машыне з дзецьмі, адзначае The Financial Times.

Па дадзеных Belfast Telegraph і Herald Scotland, заклік прыняць аналагічны закон атрымалі дэпутаты Паўночнай Ірландыі і Шатландыі. З 2007 года на ўсёй тэрыторыі Вялікабрытаніі забаронена паленне ў закрытых публічных памяшканнях, у тым ліку ў пабах і барах.

Забарона на паленне ў аўтамабілях пры непаўналетніх дзейнічае ў некаторых штатах ЗША і Аўстраліі, а таксама шэрагу рэгіёнаў Канады.

Leave a Comment