Алімпійская вячэра

sviataАдбылося! Дар’я Домрачава — чэмпіёнка АГ-2014! Увесь наступны дзень па нацыянальных тэлеканалах дзясяткі разоў пракручвалі святочнае чаяпіцце з Прэзідэнцкага Дома ў Сочы. Віншаванні Дашы, тосты ў яе гонар. Згодзен — заслужыла! Перш за ўсё сваёй працай, сваім талентам. Лукашэнка, відавочная справа, ужо забыўся, як некалькі тыдняў таму зласліва крытыкаваў Домрачаву за пройгрыш нарвежцы Бергер, за «адсутнасць волі да перамогі», не разумеючы, што рваць жылы напярэдадні Алімпіяды разумнай Дашы не трэба.

Да радаснай падзеі адразу прыляпіўся натоўп спартыўных функцыянераў і «царовых» набліжаных, але ні трэнера па стральбе Зіберта, ні сэрвісмэнаў, якія непасрэдна маюць дачыненне да поспеху біятланісткі, на прыёме заўважана не было. Чыноўнік федэрацыі біятлону Булыгін і трэнер ХК «Юнацтва» Захараў (апошні ці то ад шчасця, ці то ад выпітага расчырванелы, як дзяўчына на вяселлі), з іншымі асобамі ўздымалі бакалы «за Прэзідэнта і за перамогу», забываючыся на віноўніцу ўрачыстасці. Праўда, пад вечар цэнзары на ТБ «карцінку» падчысцілі і оды прэзідэнту з эфіру прыбралі — уж вельмі праглядаўся падхалімаж. sxFuk2NM9EUАсабліва парадаваў прыдворны поп Фёдар Поўны — у касцюме алімпійскай зборнай, з бэйджам замест крыжа і келіхам у руцэ: ён зацягнуў тост-пропаведзь, з якога вынікала, што толькі дзякуючы ягонай інтэнсіўнай малітве і спасланаму блаславенню быў выйграны гэты медаль. Ён казаў гэта па-царкоўнаму мудрагеліста, таму і Лукашэнка ледзь не заснуў. Дзе ж ты быў, айцец Фёдар, калі Даша бегла спрынт? Аль маліўся не так старанна? Ды і словы пра малітвы з вуснаў святара з келіхам выклікаюць неадназначныя эмоцыі.

«Чаяпіцце» расцягнулася да поўначы, толькі вось праглядаючы тэлесюжэт было чамусьці крыху шкада стомленую і галодную Дашу, якія сціпла папрасіла ў Лукашэнкі пірожанку і з апетытам з’ела цукерку з падоранай ім гербавай скрынкі.

Залаты медаль у жаночым біятлоне на Алімпіядзе — для Беларусі падзея значная, але не надзвычайная. Домрачава мэтанакіравана рыхтавалася да гэтых гульняў. Не здабудзь яна перамогу ў адной з гонак, аматары спорту, хутчэй, здзівіліся б, таму начное святкаванне, так растыражаванае нашымі тэле-СМІ, было зладжана з адной мэтай — задавальнення амбіцый «лепшага сябра і настаўніка ўсіх беларускіх спартоўцаў». Толькі каб пацешыць сваё самалюбства, Лукашэнка палову ночы катаваў біятланістак, а наперадзе яшчэ не адзін старт…

Пажадаем поспехаў усім нашым алімпійцам, а Дашы і яе камандзе — перамог і паспяховага праходжання допінг-кантролю пасля пачастункаў Аляксандра Рыгоравіча!

Станіслаў Була, «ТВ»

Leave a Comment