15 важных беларускіх песень ад «Будзьма Беларусамі», якія зрабілі гэты год

Гэты год “сваім” могуць назваць некалькі дзясяткаў беларускіх выканаўцаў. У свеце дазналіся пра існаванне беларускага медыявалю дзякуючы таленавітаму каверу на Metallica ад “Старога Ольсы”, Вольскі выдаў урэшце альбом на злобу дня і сабраў аншлаг у Вільні, таленавіты баяніст Варанко парваў польскі ютуб і запісаў песню з топавым украінскім саўнпрадзюсарам, а Міхалок наогул стварыў саўндтрэк да 2014…

Ляпіс Трубяцкі – Воины света

Быць можа, у 2014 Міхалок напісаў сваю самую своечасовую песню. “Воины света” – галоўны хіт з апошняга альбома “Ляпісаў” “Матрёшка”, які выйшаў калі яшчэ гарэлі пакрышкі на Майдане. І як музыкі не пераконвалі публіку ў тым, што песня гэтая з падзеямі ў суседняй Украіне не звязаная і пісалася ў жанры “музычна-фантастычнага кіберпанку”, менавіта яна стала саўндтрэкам да падзеяў, за якімі ўвесь свет сачыў з болем і асцярогай. Неафіцыйны кліп на гэтую песню значна пераўзышоў на youtube па папулярнасці афіцыйнае відэа Аляксея Церахава: 5,5 млн праглядаў супраць 550 тыс. Міхалкоўскія словы спявалі стадыёнамі футбольныя заўзятары, пад іх ва Украіне праходзілі выпускныя балы, бацькі развучвалі “Воінаў” разам са сваімі дзецьмі, на песню зрабілі дзясяткі кавераў, у тым ліку на бандуры. Ну а самы таленавіты кавер зрабіў на яе нованароджаны праект самога Міхалка Brutto, пра які яшчэ будзе гаворка далей.

Tonqixod – Насыпаць горы

Узорны твор як з пункту гледжання музычнага, так і паэтычнага. У трэку з адсылкаю да найлепшых узораў псіхадэлічнага року вакаліст Уладзь Лянкевіч прапануе сваю арыгінальную развязку да пытання пошуку беларускай нацыянальнай ідэі. Слухаць усім, хто яшчэ не чуў!

Стары Ольса – One

Тое, што пачыналася як жарт, дало плён. Неспадзявана нумар, падрыхтаваны для тэлеперадачы на АНТ, займеў глабальную папулярнасць. Відэа арыгінальнага кавера на песню “One” ад “Старога Ольсы”, выкананы на старадаўніх інструментах, паглядзелі на гэты момант больш за 750 тысячаў разоў. Гуртом, іх стылем, музыкай і краінай іх паходжання зацікавіліся ў Амерыцы, Мексіцы, Аўстраліі ды Еўропе. Тэлевізійнікі былі настолькі задаволеныя эксперыментам, што запрасілі “ольсаў” перайграць таксама Deep Puprle. Калі б у каманды Сасноўскага атрымалася залагодзіць аўтарскія правы і выдаць альбом кавераў – іх мог бы чакаць сусветны поспех!

“Ілюжан” і Ніно Катамадзэ – Аднойчы на вуліцы

Сумеснае выкананне песні гуртамі Metallica і “Стары Ольса” выглядае пакуль нерэальна. Пра тое, каб выканаць разам з Ніно Катамадзэ яе “Once In The Street”, ды яшчэ і па-беларуску, спявачка Каця Аліхвер магла таксама толькі марыць. Але ёсць усё ж у жыцці месца цуду. Сваю версію песні вакалістка “Ілюжан” даслала Ніно незадоўга да яе прыезду з канцэртам у мінскі Палац рэспублікі. Той прыйшлася даспадобы манера і мова выканання, і яна прапанавала Каці выканаць частку кампазіцыі разам з ёй. Атрымалася сапраўды нечакана – падчас канцэрта Ніно спусцілася ў залу і, на вялікае здзіўленне публікі, дала мікрафон нашай спявачцы. Зала была ў стане лёгкага шоку.

Akute – Бегчы

Сваім новым альбомам пра “Рэальнасць і сны” Akute пацвердзілі статус самай трэндавай беларускай індзі-каманды. Стылёвы кліп Арцёма Лобача на песню “Бегчы” папярэднічаў выхаду дыска, у якім няма бадай што ніводнага слабага месца.

Dzieciuki – Хлопцы-балахоўцы

Гарадзенскі гурт заняў пустую дагэтуль нішу гераічнага фольк-панку – са спевамі пра каліноўцаў, балахоўцаў, случчакоў ды іншых адчайных, што намагаліся бараніць сваю зямлю, не маючы аніякіх шанцаў на перамогу. Іх альбом “Гарадзенскі гармідар” добра пайшоў у сеціве, брэнд LSTR зрабіў сваім тварам вакаліста гурта Пашу Трабла, гурт стаў сваім у польскіх і чэшскіх пабах, дзе вітаюць агрэсіўную і душэўную музыку, ды зрабіў чатыры кліпы, у тым ліку на “Хлопцаў-балахоўцаў”. Інфармацыйным спонсарам роліка выступіла РУУС г. Заслаўя, якое нарабіла шуму і смеху, калі затрымала музыкаў з усім іх рэквізітам часоў Слуцкага збройнага чыну падчас здымак.

Сяргей Башлыкевіч – О, Купала

Галоўнае адкрыццё года па версіі Tuzin.fm умела і з гумарам паднавіў даўні поп-хіт ад Falko ды актуалізаваў яго пад беларускія рэаліі – замест Амадэўса выйшла пра Купалу. Гэта якасна новы падыход – не браць да выканання часам абрыдлыя ўжо вершы класікаў, а ўплятаць іх асобы ў свае ўласныя гісторыі.

https://soundcloud.com/serge-bashlykevich/leibonik

Лявон Вольскі – Шэрая кроў

Вечна малады і вечна гарачы Вольскі адкінуў спробы зрабіцца фольк-сінгерам і гумарыстам ды вярнуўся ў музычную прастору з альбомам “Грамадазнаўства”, дзе раздаў усім належнае – і міліцыянтам, і прастытуткам, і беларускай эстрадзе. Кліп на гэтую песню мусіў быў быць іншасказальным – з радаснай масоўкай і аптымістычным хэпі-эндам. Але вырашылі перазняць злосна, бо час такі.

Landau feat. Zolki Band — Снежань

А гэты трэк, які стаў найлепшым на Tuzin.fm у музычным сезоне 2013/2014, cведчыць пра паступовы адыход беларускага року ў яго стэрэатыпным разуменні “апазіцыйнага” і моцна палітызаванага мастацтва. Новае пакаленне не крычыць цяпер на канцэртах “Жыве Беларусь!” і пяе ў асноўным пра каханне/расстанне, дзевачак/космас і да т.п. Часам яму, канечне, баліць. І тады пакаленне выказваецца такім чынам – тонка, інтэлігентна, з густам. І без супрацьпастаўлення “мы-яны”.

Віталь Варанко – Вяртайся

Спроба завадатараў праекта “Заспявай.by” адкрыць маладым выканаўцам пласт сучаснай беларускай паэзіі амаль праваліўся б, каб не Лізавета Леўчык, SP Kava і баяніст Віталь Варанко, якія зрабілі цудоўныя творы на вершы Таццяны Сапач, Андрэя Адамовіча і Віталя Рыжкова адпаведна. Пераможцам быў прызнаны Варанко, які да гэтага запаліў на беларускай “Акадэміі талентаў” і на польскім тэлешоў “Голас”. З песняй “Вяртайся” мы зазірнулі калі не ў будучыню, дык у паралельную рэчаіснасць. Вось так выглядала б беларуская поп-музыка, каб яе рабілі сумленна і з павагай да сябе саміх.

Vuraj – Вэлытай, пэрэпылко

Бадай што самы моцны і магічны нумар з альбома “Раёк” — песня на палескім дыялекце “Вэлытай, пэрэпылко”, якая, па ўсіх сваіх дадзеных, мае шанцы стаць беларускай “We Will Rock You”. Каб у гэтым пераканацца, варта толькі зірнуць і пачуць, з якім імпэтам яна выконваецца на «Спеўных сходах», якія ладзіць лідар “Вураю” Сяржук Долгушаў. Як, напрыклад, на Купалле ці каля мінскай Ратушы.

Зміцер Вайцюшкевіч – Дачакайся, матуля

Самая сумная песня года. Паэт Генадзь Бураўкін пісаў яе з думкаю пра сваю маці. Сёлета яна пайшла ў іншы свет, а следам за ёю туды выправіўся і яе сын. Вайцюшкевіч яе выканаў у дуэце з Вінсэнтам, але публіцы даспадобы прыйшоўся больш звыклы варыянт, на які быў зняты мілы, просты і кранальны кліп.

Карл Фрыерсан – I Will Go to Where I Came

Песня вакаліста славутай нямецкай каманды De Phazz дала старт “Глабальнай перазагрузцы”, якая ідэйна працягвае праекты “Тузін.Перазагрузка” і “Будзьма! Тузін.Перазагрузка-2”. Гэтым разам да яе далучаюцца артысты з розных краінаў свету, каб выканаць на сваёй мове класіку беларускай паэзіі. Дзякуючы Фрыерсану паэзія Сыса ўпершыню загучала па-ангельску. “Гэта сапраўдная экспрэсія, які ідзе ад самага сэрца”, – выказаўся пра гэты верш сам выканаўца.

Gods Tower – Людзі на балоце

25 гадоў спатрэбілася гурту, які запачаткаваў у постсаўку моду на паганства, каб заспяваць урэшце на сваёй мове. Праўда, песня зусім не настройвае на пазітыўны лад. Яе прэм’еру лідар каманды Лэслі Найф суправадзіў каментаром пра тое, што беларусаў як нацыі папросту не існуе. “Пакуль што нацыяй можна назваць украінцаў — ні беларусы, ні тым больш расійцы нацыямі не з’яўляюцца. Грамадзянскай самасвядомасці не маюць, толькі б жэрці было чаго”, – канстатаваў Лэслі.

[su_youtube url=»https://www.youtube.com/watch?v=aS4uUktZprc»]

Brutto – Мяч

Міхалок моцна пацешыў снобскую публіку, якая толькі на шляху да турніка, гіраў і рэгбі, дэбютным альбомам свайго новага праекта. Асабліва паспаліты люд здзекаваўся на ўсе лады з немудрагелістай рыфмы пра мяч і грача. Што ні кажы, Сяргей застаецца майстрам эпатажу ды іроніі, нягледзячы на агульны грамадзянскі пафас далейшых сінглаў і кліпаў. Песня, безумоўна, западае і добра ілюструе гэты дзіўны, шызоідны, брутальны, непрадказальны, парадаксальны 2014 год.

 

Будзьма Беларусамі

%d такие блоггеры, как: