У Дзень роднай мовы ў гомельскім касцёле правядуць Імшу па-беларуску

кастёл гомель«Калі бацькі не будуць клапаціцца пра тое, каб дзеці ганарыліся сваёй беларускасцю, культурай і мовай, — тады і нашы старанні дарэмна» .

21 лютага, у Міжнародны дзень роднай мовы , святая Імша ў гомельскім рымска-каталіцкім прыходзе пройдзе цалкам на беларускай мове. Пачатак Імшы ў 18.30,  паведамляе katolik-gomel.by.

Звычайна падчас Імшы ў гомельскім касцёле чытання з Бібліі і пропаведзь святара праводзяцца на рускай мове, паколькі многія прыхаджане дрэнна разумеюць беларускую мову. Аднак у Дзень роднай мовы, па ініцыятыве некаторых вернікаў, вырашана было правесці Імшу цалкам па-беларуску.

— Нашай місіяй з’яўляецца евангелізацыя ўсіх народаў, усіх , хто жыве ў Беларусі. Гомельшчына — такі куток, дзе абсалютная большасць размаўляе на рускай мове. І нельга не прымаць гэтага фактару. Ведаць , да каго ты прыйшоў, і з кім маеш справу — таксама праява мудрасці, — кажа настаяцель прыходу айцец Славамір Ласкоўскі. — Але хочам падштурхнуць вернікаў, каб любілі сваю ​, беларускую мову, аднак калі гэтага працэсу не будзе ўнутры сем’яў, і бацькі не будуць клапаціцца пра тое, каб дзеці ганарыліся сваёй беларускасцю, культурай і мовай, якая не горш за расейскую ці польскую — тады і нашы старанні марна.

Міжнародны дзень роднай мовы быў заснаваны рашэннем 30-й сесіі Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА ў 1999 годзе з мэтай абароны моўнай і культурнай разнастайнасці. Паводле ацэнак ЮНЕСКА палова з 6 тысяч моў свету знаходзіцца пад пагрозай знікнення. Міжнародны дзень роднай мовы адзначаецца 21 лютага , паколькі ў гэты дзень у 1952 пакістанская паліцыя расстраляла прыхільнікаў прызнання бенгальскага мовы ў якасці афіцыйнай мовы ва ўсходнім Пакістане ( Бангладэш).

Leave a Comment