Савецкі раён — савецкая ўлада

У лістападзе мінулага году на прыпынку грамадскага транспарту за налепленую на дошку для абвестак улётку антыалкагольнай тэматыкі я быў затрыманы супрацоўнікамі ППС.

Пратрымаўшы мяне ў Савецкім АУС паўтары гадзіны, узяўшы тлумачэньні, інкрымінаваць нічога ня сталі і адпусьцілі. Шэсьць дзён міліцыянты вызначаліся: «дык дзе ж тут «крымінал»? Урэшце, «юрыст»-участковы кваліфікаваў тое, што адбылося, як «парушэнне правілаў добраўпарадкаваньня і ўтрыманьня населеных пунктаў». Завочна аформіўшы пратакол, міліцыянты адправілі яго для разгляду ў адміністрацыйную камісыю пры адміністрацыі Савецкага р-ну Гомеля.

Апроч гэтага, як у старыя савецкія часы, у мой унівэрсытэт адправілі так званую «сьвіньню». Вядома, кіраўніцтва адрэагавала: загадам аб’явілі афіцыйную вымову.

Старшыня камісыі — першы намесьнік кіраўніка адміністрацыі С.Н. Кадола, і пяць іншых яе членаў замарочвацца вывучэньнем матэрыялаў справы ня сталі і ўляпілі мне максымальны штраф — 25 базавых. Відаць, тут не даспадобы прыйшлася такая нязвыклая ім беларускамоўнасьць. Пакараньне памерам у паўгадавую стыпендыю мяне як бюджэтніка-першакурсніка суразмерна «злачынству», барацьбе з алкагалізацыяй? Дадзенае пытаньне выклікае відавочныя сумнёвы ў адэкватнасьці членаў камісыі. А можа, у бюджэце раёну скульптуры, якія ўпрыгожваюць яго (краты, чарапахі і іншая «карысная» жыўнасьць) прагрызлі дзіры, і іх трэба неяк латаць?

З дапамогай праваабаронцы Леаніда Судаленкі рашэньне камісыі было абскарджана ў судзе. І міліцыя, і адміністрацыя, і суд — савецкія, то бок аднаго аднайменнага раёну, але да гонару судьдзі ён у гэтым выпадку апынуўся сапраўды незалежным. 20 студзеня рашэньне камісыі было прызнана НЕЗАКОННЫМ і адміністрацыйная справа спынена.

З мянтоўскім бяззаконьнем народ ужо звыкся, а як быць з раённымі і іншымі адміністрацыямі? Уладзе зручна папаўняць бюджэт штрафамі, якім падвяргаюць людзей розныя камісыі, часьцяком незнаёмыя і блізка з паняцьцем «закон». А цяпер яшчэ «высачайшэ разрешэно» ворганам караць дробным штрафам па асобных артыкулах КаАП. Адчыняецца шырокая прастора, будзе, дзе разгуляцца…

Што ж тычыцца адміністрацыйнай камісыі Савецкага раёну, то дадзены выпадак — не адзінкавы. Некалькі гадоў таму незаконна аштрафованая Людміла Міроненка паўгады абівала парогі судоў. Адмены дамаглася, але колькіх нерваў гэта жанчыне каштавала? А колькіх выпадкаў мы ня ведаем?

Карацей, савецкая ўлада.

Станіслаў Булафота: «Гомельские Ведомости»

Leave a Comment