Улада штыкоў

20140225_174101Распытаўшы людзей, якія заспелі часы Савецкага Саюза, можна даведацца пра існаванне ў мінулым ваенных патрулёў, якія складаліся з шэрагоўцаў і афіцэраў частак, размешчаных у гарадах. У іхнія задачы ўваходзіў кантроль за прытрымліваннем формы адзення і паводзінамі ў грамадскіх месцах вайскоўцаў. З распадам Саюза, напачатку 90-х мінулага стагоддзя, у Беларусі склалася і была заканадаўча замацавана практыка прыцягнення да аховы грамадскага парадку салдат тэрміновай службы ўнутраных войскаў, прычым кантраляваць яны сталі ўжо не вайскоўцаў, а грамадзянскае насельніцтва. З таго часу, штовечар, пад мудрым кіраўніцтвам міліцыянтаў ППС роты салдат «ахоўваюць» нашу з вамі бяспеку ва ўсіх гарадах, дзе месцяцца вайсковыя часткі «унутранікаў», а іх, дарэчы, па рэспубліцы нямала.

Як спраўлялася савецкая міліцыя з вулічнай злачыннасцю – незразумела. Але з прыходам да ўлады Лукашэнкі павялічыўся не толькі штат патрульна–паставой службы, але з’явіўся АМАП і іншыя «спецназёры». Адна асабістая ахова Прэзідэнта налічвае больш за 2000 афіцэраў спецслужбаў…

Ці паменш20140225_174101ыла гэта крымінальную сітуацыю? Вядома ж не. Затое эканоміка, што дыхае на ладан, ды пусты бюджэт шчодра ўтрымліваюць улюбёную Вярхоўным галоўнакамандуючым шматтысячную армію «людзей у пагонах», чыя колькасць у разы перавышае ўсе разумныя межы адносна колькасці насельніцтва. Ну добра, не нагуляўся ў дзяцінстве Галоўны Генералісімус ў «вайнушку», так здавальняўся б сваім «пацешным палком» у выглядзе роты ганаровай варты. Але не – яму падавай усе роды войскаў. Ёсць нават пародыя на ваенна–марскі флот у выглядзе Дняпроўскай флатыліі. Здавалася б, навошта краіне, якая па Канстытуцыі імкнецца да нейтралітэту, паветрана–дэсантныя войскі? Ці не яны прызначаны для вядзення баявых дзеянняў на тэрыторыі праціўніка? А вось навошта – спатрэбяцца для аховы Таджыкскай мяжы (!), куды неўзабаве і накіруюцца згодна дамове ў межах АДКБ.

Але ні існуючая армія, ні шматлікасць праваахоўных структур і дадзеныя ім кучай законаў «шырачайшыя палнамочыя» па забароне канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян не даюць спаць спакойна былому Памежнаму зампаліту КДБ СССР. Паназіраўшы за падзеямі на Майдане, яшчэ да ўсіх тых крывавых падзей, Правадыр сур’ёзна занепакоіўся сваёй бяспекай. Ужо 9 снежня 2013 года ён за ўласным подпісам унёс на разгляд у Палату прадстаўнікоў беларускага парламента законапраект, які змяшчае змены і дапаўненні ў Закон РБ «Аб ваенным становішчы». Так–так, ёсць і такі патрэбны закон. Зараз, у новай рэдакцыі, узброеным сілам заканадаўча дазволяць прымяняць зброю ў дачыненні да ўдзельнікаў «масавых беспарадкаў». Як у нас тлумачацца «беспарадкі» і як улада ўмее іх арганізоўваць мы ведаем на прыкладзе Плошчы.

j5fdx_w465h262
Яшчэ з характэрных дапаўненняў можна вылучыць «забарону на час уведзенага ВС уезду–выезду з краіны не толькі замежнікаў, але і грамадзян РБ», а таксама «забарону ЎСІХ сродкаў масавай інфармацыі, за выключэннем названых у пераліку, які вызначаецца Міністэрствам інфармацыі РБ». Пералік ўявіць сабе нецяжка  –  «Саўбелія», «Гебельс-ТБ» і т.п. То бок, поўная самаізаляцыя краіны! Страляй – не хачу, і якая там міжнародная супольнасць ды правы чалавека…

Усё гэта сведчыць аб росце недаверу ўлады да свайго народу. Прадпрымаецца чарговая палітыка запалохвання «памяркоўных», палітыка яшчэ большага закручвання гаек. Але ж ніхто не адмяняў такое паняцце з супрамату, як «стомленасць металаў». Разьба ў рэшце рэшт зрываецца…

Нядаўнія словы «Уладара лясоў, палёў і балот», звернутыя да дэгустатара баршчоў Ярмошынай: «Час дыктатуры мінуў, надыходзіць час дэмакратыі – наперадзе выбары» , – апынуліся звыклай хлуснёй. Дыктатура жывей за ўсіх жывых!

Тое, што папраўкі да Закона «Аб ваенным становішчы» будуць безадказна прынятыя Палаткай ужо вясной бягучага года, сумнёваў не выклікае, бо дэвіз рэжымных дэпутатаў: «Хай будзе блаславеная ўлада, якая штыкамі сваімі агароджвае нас ад лютасьці народа».

Вось толькі ці вырашацца сілавікі і спецслужбісты выкарыстоўваць зброю супраць сваіх грамадзян – вялікае пытанне. Спадзяюся, лёс ўкраінскіх сілавых міністраў паслужыць ім прыкладам.

Станіслаў Була, «ТВ»

Leave a Comment