Чаму ваўкі звана баяцца

«Нас затрымліваюць за салідарнасць з украінскім народам,  мы каля нулявога кіламетра» – атрымаўшы такое СМС-паведамленне, я адразу накіраваўся да месца падзей.

Тры міліцыянты ўнутраных войскаў і адзін “дружыннік” практычна ўзялі ў кола салідарных з украінцамі, але паводзілі сябе без нахабства, як гэта звычайна бывае… Я адразу пачаў выконваць свой абавязак – зафіксаваў усё, што адбываецца, узяў каментары ў актывістаў і апытанку ў міліцыянтаў.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

У хуткім часе прыехала «падмога» з Цэнтральнага РАУС – бывалыя старыя знаёмыя, якія ўжо не раз затрымлівалі мяне і маіх сяброў, складалі ліпавыя пратаколы і ілжэсведчылі у судзе. «Кастусь!» – вымавіў адзін з іх і накіраваўся да мяне.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Я папрасіў прадставіцца, але ён не адказаў: для яго закон – не ўказ, для яго галоўнае – «нам сказалі». Запісаўшы і зрабіўшы ўсё патрэбнае для працы, я збіраўся сыйсці, каб падаць навіну. Але «супрацоўнік» схапіў мяне за каўнер і пачаў трымаць. На мае пытанні, ці затрыманы я, ён  адказваў адным словам, якое не прапісана ў слоўніках. Так доўжылася хвілін 7, потым пачаліся спробы зацягнуць мяне і маіх сяброў у аўто, але я сеў на асфальт і запатрабаваў у соты раз назвацца невядомых у міліцэйскай вопратцы і растлумачыць падставу майго затрымання.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Сэнсу дакрычацца  да глухога  няма, мне прыйшлося ехаць у Цэнтральны РАУС.

Супрацоўнікі РАУС сустрэлі як звычайна: для іх кожны грамадзянін – патынцыйны злачынца калі не па закону, так па паняткам. Дзяжурны маёр пачаў патрабаваць здаць рэчы і прайсці з ім. Я, канешне, адмовіўся, запатрабаваў яго назвацца і ўказаць нагоду, па якой мяне затрымліваюць, і ўвогуле папрасіў не парушаць мае кантытуцыйныя правы. Але ён не чуў, хоць я размаўляў вельмі галосна. Бо, мусіць, беларускі закон для маёра не закон, ён жыве і кіруецца зусім іншым – тэлефанаваннямі вышэй стаячага кіраўніцтва, вуснымі загадамі – бо інакш немагчыма патлумачыць маё затрыманне, і затрыманне тых, хто выказваў сваё спачуванне па загінулым на Майдане.

Сітуацыя змянілася карэнным чынам, калі я папярэдзіў парушальнікаў маіх правоў, што прыкладу ўсе намаганні, каб прадстаўнікі новай улады, кіруючыся маральнымі прынцыпамі і прынцыпамі міжнароднага права, наўпрост забаранілі ўезд ва Украіну ўсім тым, хто сёння здзяйсняў злачынства супраць мірных грамадзян Беларусі, якія вырашылі ўшанаваць памяць загінулых на Майдане ва Украіне. Маёр (магчыма, гэта Андрэй Міхалёў) пачырванеў, занерваваўся і пачаў абурацца, а праз некаторы час з’явіўся пратакол затрымання па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства па артыкуле 364 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь – гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў.

Вось так – салідарны з Украінай ды абураешся на паводіны «супрацоўнікаў міліцыі» – ў турму!

Але ў дадзеным выпадку есць і трэці бок – украінскі, які сапраўды можа законным шляхам закрыць уезд тым, хто выступае супраць свабоды, а такіх шмат – гэта выкладчыкі і рэктары навучальных устаноў, якія адлічалі і працягваюць адлічаць студэнтаў па палітычна-матававаных справах, гэта дырэктары прадпрыемстваў, іх намеснікі, якія звальняюць з працы грамадскіх актывістаў за іх погляды і пераканнані, чальцы і сябры выбарчых камісій, што выносяць сфабрыкаваня рашэнні аб нерэгістрацыі кандыдатаў, што замешаныя ў фальсіфікацыі вынікаў выбараў. Міліцыянты, што беспадстаўна затырмліваюць актывістаў, складаюць фальшывыя пратаколы і ілжэсведчаць у судзе. Гэта таксама і ўладальнікі «прыкарытнага бізнесу», для якіх закон нічога не значыць і супраць якіх паўсталі ўкраінцы… Не патрэбныя эканамічныя санкцыі супраць Беларусі, бо яны б’юць у першую чаргу па простых грамадзянах – дастаткова забараніць законным шляхам  уезд ва Украіну прыхільнікам дыктатуры, бо ім падабаецца жыць па панятках, а трэба прымусіць іх жыць па законе, і зараз з’явіўся шанец.

А што датычыць крымінальнай справы супраць мяне, то ў турму я не хочу, але і ўцякаць з Беларусі не збіраюся. Украінцы, змагаючыся супраць дыктатуры, якая прынесла ім карупцыю, беззаконне і жабрацтва, паклалі свае голавы, а тут турма… Дасць Бог, прарвемся і пераможам!     

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Слава Богу! Слава Украіне!

Кастусь Жукоўскі, спецыяльна для ТВ

Leave a Comment