Журналісты знайшлі сьведку забойства Міхаіла Жызьнеўскага (відэаінтэрвію)

Тым часам як украінская міліцыя і пракуратура дагэтуль ня могуць выявіць сьведкаў забойства з агнястрэльнай зброі беларуса Міхаіла Жызьнеўскага, журналісты кіеўскага тэлеканалу «1+1» правялі сваё расьсьледаваньне і знайшлі актывіста Майдана, які быў зь Міхаілам у апошнія хвіліны жыцьця і ўсё бачыў на свае вочы.

Журналісты запісалі інтэрвію з Тарасам Кабялкам, сябрам Міхаіла Жызьнеўскага, які быў зь ім у адным шэрагу пад час сутычак са спэцназам 22 студзеня на вуліцы Грушэўскага ў Кіеве, і які бачыў, як куля трапіла ў сэрца беларуса.

Тарас Кабялка зараз знаходзіцца ва Ўкраінскім доме разам зь іншымі мітынгоўцамі. Ён распавёў:

«22 студзеня нас абудзілі раніцай, мы выступілі 10 чалавек, ішлі з двума драўлянымі шчытамі. І калі прыбеглі на вуліцу Грушэўскага, то сталі ў першым шэрагу».

Пасьля весткі пра сьмерць першай ахвяры сутычак Сяргея Нігаяна, які быў забіты каля 6-й раніцы, сярод мітынгоўцаў была разгубленасьць. Гэта выкарыстаў «Беркут», які пайшоў у атаку і заняў ды пачаў разьбіраць барыкады мітынгоўцаў. Але калі з Майдана незалежнасьці падышла дапамога, «Беркут» адышоў назад.

Калі «Беркут адступіў, мітынгоўцы вырашылі заняць старыя пазыцыі, сярод іх у першым шэрагу былі Жызьнеўскі з Кабялкам. Апошні працягвае расповед:

«У той момант, калі яны адступілі за аўтобусы, мы пайшлі героямі з крыкамі, з воклічамі, пабеглі за імі… І Міша пайшоў, стаў паміж двума аўтобусамі, закрыў дзірку, каб адтуль не стралялі».

Драўляны шчыт добра абараняў ад гумовых куль, але раптам Міхаіл Жызьнеўскі ўпаў на вуліцу Грушэўскага.

«І ў трох мэтрах, калі пачалі гранаты шашкі, выстралы, я ўбачыў, што ён упаў. Мы падбеглі, падбегі лекары і забралі яго ў мэдпункт… Цела падала сьпіной назад у бок Ўкраінскага дома… У шчыце была вялікая дзірка. Куля прыляцела з іх боку»,— распавёў Тарас Кабялка.

Паводле рэканструкцыі тых падзей, зробленай журналістамі «1+1», мэталічная куля прыляцела ў Міхаіла Жызьнеўскага з боку шэрагаў спэцназу. Пра гэта ж сьведчыць і лекар Ігар Ількіў, які першым агледзеў рану Міхаіла, і які таксама даў інтэрвію заявіў «1+1».

Журналісты таксама пагутарылі са спэцыялістамі ў галіне зброі, якія засьведчылі ім, што ў стрэльбы 12 калібру, якія ёсьць на ўзбраеньні «Беркута» і зь якіх прыстасаваныя пад гумовыя кулямі, можна страляць і мэталічнай карцеччу, якой былі забітыя Жызьнеўскі і Нігаян.

Паводле Ігара Ільківа, лекара Майдану, 22 студзеня было шмат параненых, кантужаных, атручаных газамі, — усяго 159 параненых.

Каля 9-й раніцы ў мэдычны пункт занесьлі беларуса Міхаіла Жызьнеўскага, праз паўгадзіны Ількіў зафіксаваў ягоную біялягічную сьмерць.

Трэці забіты куляй Раман Сенік яшчэ некалькі дзён змагаўся за жыцьцё, але таксама памёр.

Прадстаўнікі МУС Украіны заяўляюць, што сьведчаньняў забойства мітынгоўцаў у іх няма. Прадстаўнікі праўладнай Партыі рэгіёнаў заяўляюць, што 22 студзеня целы забітых маглі прынесьці аднекуль на вуліцу Грушэўскага.

Крыніца: «Радыё Свабода»

Leave a Comment