У Беларусі даражэе моцны алкаголь

998392395 У Беларусі даражэе моцны алкаголь. Адпаведнае рашэнне ўтрымліваецца ў пастанове Міністэрства эканомікі № 13 ад 4 сакавіка 2014 года.

Як паведамілі ў прэс-службе ведамства, гэтай пастановай, па прапанове канцэрна «Белдзяржхарчпрам», павышаны мінімальныя адпускныя цэны на алкагольныя напоі мацункам звыш 28% і на спірт этылавы з харчовай сыравіны ў наступных памерах: мінімальная адпускная цана на айчынныя алкагольныя напоі да ўзроўню 37.000 рублёў за 0,5 літра (+ 23,3%); мінімальная рознічная цана на айчынныя алкагольныя напоі да ўзроўню 45.000 рублёў за 0,5 літра (+ 18,4%); мінімальная адпускная цана на імпартныя алкагольныя напоі да ўзроўню 74.000 рублёў за 0,5 літра (+ 37%); мінімальная адпускная цана на спірт-сырэц з харчовай сыравіны да ўзроўню 105.000 рублёў за 1 дэкалітр бязводнага спірту (+ 16,7%); мінімальная адпускная цана на спірт этылавы рэктыфікаваны да ўзроўню 140.000 рублёў за 1 дэкалітр бязводнага спірту (+ 16,7%).

Вытворчыя прадпрыемствы не могуць рэалізоўваць алкагольную прадукцыю мацункам звыш 28% і спірт этылавы харчовы танней за мінімальныя адпускныя цэны, а прадпрыемствы рознічнага гандлю — мінімальную рознічную цану, устаноўленую гэтай пастановай, зазначаецца ў дакуменце.

Пастанова Мінэканомікі набыла моц 7 сакавіка.

БелаПАН

Leave a Comment