Пуцін, прэч рукі ад Украіны!

11 сакавіка а 11:40 у Мінску каля амбасады Расіі міліцыяй былі затрыманы актывісты «Маладога фронту» і кааліцыі «наша Альтэрнатыва» з Гомеля Стас Була і Зміцер Карашкоў.

Паводле артыкулу 33, Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь кожнаму гарантуецца свабода меркаванняў, перакананняў і іх свабоднае выказванне. Ніхто не можа быць прымушаны да выказвання сваіх перакананняў або адмовы ад іх.

Артыкул 35 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь дае магчымасць свабоды сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый і пікетавання, якія не парушаюць правапарадак і правы іншых грамадзян Рэспублікі Беларусь.

Зараз увесь свет стаіць на мяжы трэцяй сусветнай вайны. І беларусам, проста няма магчымасці маўчаць. Украіна з’яўляецца бліжэйшым суседам Беларусі, і калі пачнуцца ваенныя дзеянні, то і нашай краіне дастанецца свой кавалак «мірнага неба». Ды і ўкраінцы заўжды былі брацкім народам, а калі да брата ідуць у госці з зброяй, немагчыма маўчаць!

Не змаглі проста маўчаць Карашкоў Зміцер і Стас Була. Яны выказвалі сваё меркаванне супраць расійскай акупацыі ў Крыме, трымалі плакаты «Пуцін – вораг Украіны і Расіі» і «Пуцін, прэч рукі ад Украіны – не вайне!».

Пікет доўжыўся не болей за 2 хвіліны. Спачатку да актывістаў падыйшоў прапаршчык ППС Бараснёўскі і папрасіў адыйсці ад амбасады Расеі на адлегласць 50 метраў. Потым той жа прапаршчык вызваў камандзіра, маёра Быкава, і хлопцаў папярэдзілі, што яны затрыманыя. Супраціву ніхто не аказваў, але затрыманых у суд прывезлі ў кайданках.

Суд Цэнтральнага раёна Мінска прысудзiў Стасу Буле 11 сутак арышту, Дзмітрыю Карашкову – 15 сутак. Абвiнавачвальны прысуд па артыкуле 23.34 вынесены не гледячы на шматлiкую блытанiну i пачатковае несыходжанне ў паказаннях сведкаў-мiлiцыянтаў, якiя затрымлiвалi актывiстаў: прапаршчыка ППС Бераснеўскага i яго камандзiра, маёра Быкава. Так спачатку яны не маглi дакладна назваць ні месца, ні абставiны затрымання, ні нават час. Потым яны сцвярджалi што затрыманне праводзiлi ўдзьвух, хоць мiлiцыянтаў у форме было трое (а ў цывiльным яшчэ болей). Не прыняла суддзя ва ўвагу не адсутнасць правапарушэнняў ў Булы, не наяўнасць ў Карашкова дзьвух маленькiх дзяцей.

Суд нагадваў цырк, са сваім спецыфічным сцэнаром ды загаддзя вядомай канцоўкай. «Жжог не па-дзіцячы» прапаршчыка ППС Бераснеўскі. З завучанымі на памяць артыкулам 23.34 ён адтараторыў нібыта усё добра, а вось з канстытуцыяй былі праблемкі. То ён казаў пра некае «гражданское законодательство», то пра «гражданскую конституцию».  Пасля заканчэння суду Беразнёўскі пытаў у сяброў асуджанных, колькі ім заплацілі і колькі заплацяць і яму, калі ён пяройдзе на бок грамадзян. Пачуўшы ў адказ, што сумленне не прадаецца, прапаршчык ППС зрабіў высновы ўслух, што лепей працаваць, дзе працуе і мець грошы, чым быць сумленным чалавекам.

 Адвакат у бліжэйшы час будзе аспрочваць рашэнне суду.

 

Natkaz.by

Leave a Comment