«Алкакалгас»

«У нашым калгасе парадак і ціша»…

Л. Вольскі

Нацыя беларусаў співаецца. Паводле афіцыйных дадзеных, з 1995 па 2013 ўжыванне насельніцтвам алкаголю павялічылася амаль у 2 разы, і тэндэнцыя да росту працягваецца. Дзяржава ўпарта стварае бачнасць барацьбы за цвярозы лад жыцця: рэгулярна падвышае кошты на алкагольныя напоі, ладзіць прымусовыя «дні цвярозасці» з забаронай продажу нават піва ў гандлёвых кропках, перад ЧС па хакеі старанна накіроўвае ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі асоб, якія вядуць антыграмадскі лад жыцця, забараняе продаж таннага алкаголю ў начны час і г.д. У асноўным барацьба зводзіцца да тых ці іншых забаронаў. Але гэтыя кропкавыя абмежаванні ніколі не прывядуць да паляпшэння сітуацыі. Ужо каторы год у прэсе мусіруецца сітуацыя з рэкламай алкагольнай прадукцыі, але рэакцыя з боку заканадаўства нулявая. У вячэрні час, у так званы «прайм-тайм» па ўсіх дзяржаўных ТБ-каналах з гучным шыпеннем льецца ў келіхі пенны напой самых розных марак, але зусім не квас. Без гэтай жа рэкламы не абыходзіцца ніводны перапынак хакейнага ці футбольнага матчу. Гарады нашай краіны запоўненыя білбордамі з назвамі мінеральных вод, якіх удзень з агнём не адшукаеш на паліцах большасці крам, але іх моцнаградусныя «цёзкі» адразу кідаюцца на вочы ў аддзелах віна-гарэлачнай прадукцыі.

Адзін з самых вядомых айчынных алка-брэндаў пад выглядам той жа мінеральнай вады з’яўляецца спонсарам ХК «Дынама» Мінск і ганарліва красуецца на лёдзе і бартах «Мінск-Арэны». Мяркуючы па выніках гульні клуба ў мінулым сезоне, спонсар разлічваецца з гульцамі сваёй прадукцыяй (не мінералкай)?

Прыхаваная рэклама
Прыхаваная рэклама

У шматлікіх еўрапейскіх краінах (у прыватнасці, Англіі) ў звычайных крамах можна ўбачыць толькі некалькі гатункаў добрага віна, а шырокі выбар спіртнога рэалізуецца ў спецыялізаваных гандлёвых аб’ектах, якія знаходзяцца часцяком на ўскраінах гарадоў. У нас жа ў любой прадуктовай кропцы, размешчанай у крокавай даступнасці ад устаноў адукацыі, лёгка знойдзеш не менш за паўсотні відаў узмацаванага пойла, які цешыць позірк кожнага, хто туды ўваходзіць вясёлкавай рознакаларовасцю этыкетак і прыцягвае ўвагу вучняў ды іх бацькоў.

Асартымент на "выбарах".
Асартымент выбаршчыка-2014

А мяжою беспрынцыповасці ўлады з’явіўся дазвол прадаваць у разліў спіртныя напоі і піва на выбарчых участках падчас апошняга дня галасавання на мінулых выбарах. Улічваючы, што 99,9% вышэйзгаданых участкаў месцяцца ў адукацыйных установах, дзе заканадаўча забаронена рэалізацыя дадзенай групы тавараў, гэта выклікае, мякка кажучы, здзіўленне. Куды ж глядзяць праваахоўнікі? Ці на час выбараў школа перастала быць школай, а інстытут — інстытутам? Нешта не пачулі мы тлумачэння прычыны легалізацыі алкаголю ў арганізаваных школьных буфетах ад галоўнага змагара з п’янствам: «трохзоркавага» міліцыянта Анатоля Васільева, які задаволена рапартуе гамельчукам пасля кожнага «дня цвярозасці» аб зніжэнні правапарушэнняў у горадзе…

Продаж атруты займае адно з вядучых месцаў у папаўненні дзіравага бюджэту, даведзенага да краху мудрым эканамістам-завочнікам. Цынізм улады зашкальвае. На словах — барацьба, на справе — словаблудства. Варта задумацца, а можа гэта проста камусьці выгодна? І, здаецца, гэтага «кагосьці» ўсе мы ведаем ужо амаль 20 гадоў. Шкварка ў «народца» ёсць, і чарка таксама, а п’яным быдлам прасцей кіраваць.

Рэдакцыя «ТВ»

Leave a Comment