Гомельскі Некропаль

1Паводле дадзеных краязнаўцаў, увесь цэнтр Гомеля ўяўляе сабой літральны Некропаль. Пры гэтым толькі на адным такім «некропалі» насамрэч існуе зялёная зона — гэта парк ім. Луначарскага. Акрамя ўсім вядомага нямецкага пахавання (праўда, там ляжаць збольшага румыны і італьянцы), якое адзначана толькі маленечкай шыльдачкай у вуглу двара Сабора Пятра і Паўла, там раней мясцілася буйное пахаванне старажытных часоў — сёмага веку.

Тут літральна ляжыць увесь старажытны Гомій. Вядома гісторыя, калі пры паглыбленні падвалаў пад саборам Пятра і Паўла працоўныя знайшлі вялікую колькасць чалавечых парэшткаў. Гэта было масавае пахаванне прыкладна васямнаццатага стагоддзя.
Непадалёк ад палаца Румянцавых-Паскевічаў было каталіцкае пахаванне. На месцы сённяшняга туалета (!!!) у парку мясцілася Траецкая царква. І пры ёй таксама былі пахаванні. Кіеўскі спуск — былая закраіна гомельскага «вакольнага граду», дзе таксама было сваё пахаванне. Каля сучаснай крамы «Колокольчик» таксама былі старыя могілкі, што зачыніліся напачатку 19 стагоддзя. Сёння там стаіць жылы сектар з 3-5 павярховымі дамамі.

ФУТБОЛ НА ЯЎРЭЙСКІХ МОГІЛКАХ

Іўдэйскія могілкі 18-19 ст. мясціліся на сучаснай вуліцы Сожскай. Там, дзе стадыён са штучным пакрыццём. Пры правядзенні работ па будоўлі стадыёна былі знойдзены пліты з надпісамі на ідышы. «Тут пахаваны Ніссан бен Ерухам Фішел,  бацька наш, памёр 3 чысла месяца адара 1874».
Зусім нядаўна на скрыжаванні прасп. Леніна і Ірынаўскай былі знойдзены рэшткі праваслаўных могілак. Тут пралягае аўтатраса і таксама стаяць дамы.
Знаходжанне парэшткаў «проста выканаўцамі» не стала нагодай для прыпынення работ.
Яшчэ адно іўдэйскае пахаванне мясцілася на сучаснай вуліцы Сялянскай, пахаваны яўрэі—ахвяры казакоў Хмяльніцкага. Сённятут крама «Максі».
Дадаткова яўрэі хавалі сваіх людзей на сучаснай вуліцы Ландышава. Таксама раён актыўнай забудовы.

ПРАВАСЛАЎНЫЯ МОГІЛКІ ПАД БРУКАМ

На пачатак 20 ст. могілкі праваслаўных мясціліся на скрыжаваннях вуліц пр-т. Леніна, ірынаўскай, і на Савецкай (Румянцаўскай). Было Засожскае пахаванне , дзе хавалі праваслаўных і каталікоў, каталічныя клады на Замкавай (сёння там стаіць крама «Рубін»), старажытнаабрадскія ў Сапасавай слабадзе.
Сёння па могілках бегаюць аўтамабілі, стаяць на іх дамы і ходзяць людзі. А па законе нічога, апроч зялёных зон тут быць не павінна.

СТУДЭНЦКІ СКВЕР. АКТУАЛЬНАЯ РАЗМОВА

На кіраўніка прадпрыемства-вытворцы работ мы выйшлі без праблем.
На мае пытанні адказаў Сяргей Леанідавіч Жандараў, кіраўнік прадпрыемства «Гомельэнергаспец рамонт», якое і займаецца пракладкай камунікацыяў.

– Добры дзень! Я бачыў, што работы па пракладцы труб праходзяць на месцы, дзе былі могілкі і ў зямлі ляжаць чалавечыя прэшткі. Там пахаваны і ахвяры фашыстаў у гады ВАВ. Ці магчыма такое, бо па законе на месцы могілак могуць быць толькі зялёныя зоны?

Сяргей Жандараў: «Мы ўсяго толькі выканаўцы. Заказчык ПСД і работ — Гомельскія цеплавыя сеткі. Праектна-зметная дакументацыя рабілася ў праектным інстытуце, адпавед на з заканадаўствам. Усе арганізацыі ў курсе, што там былі могілкі. ПСД прайшла экспертызу, гарвыканкам і адпаведныя ведамствы таксама дасведчаны ў пытанні. Што тычыцца нас — мы, паўтаруся, толькі выканаўцы».
А як быць з тым, што там ляжаць парэшткі людзей? Няўжо немагчыма было зрабіць так, каб не капаць углыб, пусціць трубы па зямлі!?

С. Жандараў: «Дакументацыя прадугледжае праект з заглыбленнем. Мы нічога не можам зрабіць. Трубы ўжо заглыблены. Што тычыцца парэшткаў — усе па-чалавечы».

Якім чынам?

С. Жандараў: «Спачатку гэты абавязак хацелі павесіць на нас. Але было урэшце-рэшт заключана пагадненне з пахавальным бюро. Прысутнічалі 2 чалавекі, якія збіралі парэшткі, потым іх перазахоўвалі. Куды дакладна — мне не вядома».

То бок нічога змяніць нельга?

С. Жандараў:  «Хутчэй за ўсё, не. Работы працягнуцца як і зараз. Калі пытанняў больш няма, то прабачце, я працую».

Дзякуй!

ЯК У ЕЎРОПЕ?

Праблема былых могілак існуе і ў Еўропе. Там існуе Асацяцыя вядомых могілак Еўропы. Яна ахоплівае структуры, што маюць дачыненне да могілак. Сёння сябры Асацыяцыі—ініцыятыўныя групы са 107 гарадоў. Галоўная задача — падтрыманне ў прыстойным выглядзе могілак, стварэнне зялёных зон, абарона і аднаўленне некропаляў, нагляд за імі.
У Еўропе прынята насаджаць паркі на месцах могілак. Напрыклад, у Хельсінкі ёсць могілкі Хіетаніемі, там пахаваны шмат хто са славутых людзей, у тым ліку сам Карл Манергейм. Сёння ў гарадскім парку вакол могілак адпачываюць турысты і мясцовыя жыхары. Усё прыстойна, ніякай забудовы не праводзіцца, тым больш няма раскопак.
На старажытных могілках Нявінных у Парыжы, якія былі перазахваны і перанесены яшчэ ў канцы 18 ст. сёння узведзены Фантан Нявінных — у памяць аб старажытных кладах няхрышчоных дзяцей, душэўнахворых і невядомых беднякоў (таму і назва могілак — Нявінных).

Калісьці зрабіўшыя шмат добрага для нашага гораду Гомеля людзі былі тут пахаваныя, каб аднойчы нашчадкі прайшлі па іх трунах з тэхнікай, складаючы іх чарапы ў пакет. Згулялі ў футбольчык на касцях. Папілі піўка, праехаліся коламі. Чаго варта толькі наяўнасць бара «Рывьера» у парку ім. Луначарскага. 10 метраў ад яе — пахаванне абаронцаў горада ў часы ВАВ. І ўсе людзі ў гэтай сітуацыі «проста выканаўцы».
Высновы за чытача рабіць не стану — кожны мае сваё меркаванне. Хочацца прыгадаць іншае. На Нюрнбергскім працэсе калі Герману Герынгу быў вынесены смяротны прысуд, ён, як і многія іншыя падначаленыя Адольфа Гітлера таксама спрабаваў назваць сябе «проста выканаўцам». Бо аўтарам усіх ідэй і загадаў, па-сутнасці, з’яўляўся Гітлер. З аднаго боку ўсё сыходзіцца, а з другога, калі вышэйстаячы аддае незаконныя і злачынныя распарад жэнні, а ягоныя падначаленыя пагаджаюцца і выконваюць, то яны ўжо не выканаўцы. Яны—сапраўдныя саўдзельнікі!
І дарэчы, саўдзельніцтва гэтае цягнецца з доўгіх часоў. Канешне, з царскіх і савецкіх.

Андрэй Папоў, «ТВ»

Leave a Comment