«Рэфарматары», ці чым «вылучыліся» апошнія дэпутаты

Засядалі неяк цёплым чэрвеньскім днём мінулага года гомельскія дэпутаты гарсавета на сваёй сесіі ды задумаліся – да канца дэпутацкага «тэрміну» менш за год, а чым жа мы запомнімся народу? Прэзідэнтам аб’яўлена «ўсеагульная мадэрнізацыя», трэба ж і нам сябе праявіць. І вырашылі прызначэнцы пакінуць пасля сябе памяць, а заадно трохі палегчыць гарадскі бюджэт. Мадэрнізаваць – значыць абнаўляць, і пасля нядоўгіх спрэчак каму «пагаджацца» першым, пастанавілі падвергнуць перайменаванню некалькі гарадскіх вуліц. У гарачых дэбатах такіх вуліц і завулкаў набралі 76. Фантазія біла праз край: 9-я Іншагародняя стала… 1-й Іншагародняй, Лясная – 3-й Лясной, 11-я Навасёлкавая – 1-й Навасёлкавай. Пералічваць далей няма сэнсу, бо такіх вуліц і завулкаў апынулася паўсотні.

«Беднавата неяк, больш радыкальна трэба переназывать», – дружна падумалася дэпутатам, і пайшло: вуліца Журавінная стала Жураўлінай (!). Праезд Працоўны з гэтага часу будзе Былінны (мабыць, адышлі працоўныя ў быліны — не тыя ўжо). Насуперак курсу Ўсенародна Абранага Прэзідэнта на збліжэнне з Масквой пакрыўдзілі «братэрскі» славянскі народ, сцёршы з мапы горада імя паэта Някрасава. Апагеем жа радыкальнага перайменавання стала вуліца Палякова Я.І.: цяпер гэта вуліца І.Я. Палякова. Мо назва перайшла да нашчадка?

У той жа час імёны дзясяткаў катаў — «рэвалюцыянераў» застаюцца недатыкальнымі. Шыльды з імёнамі камуністычнага злачынца Леніна, тэрарыста Карповіча, які забіў у 1901 г. міністра асветы Багалепава, працягваюць «упрыгожваць» будынкі ў самым цэнтры Гомеля.

Мо і пачынаць трэба з такіх вуліц?! Тады і выдаткі будуць зразумелыя і апраўданыя. А замены вуліц з «Шыльнай» на «Мыльную» нікому не патрэбныя і абсалютна немэтазгодныя ні з маральнага, ні з фінансавага пункту гледжання. Большасць перайменаваных вуліц знаходзіцца ў прыватным сектары, дзе не адзін дзясятак дамоў на кожнай. Сродкі сыйдуць на замену шыльдаў, плюс спадарожныя выдаткі. Дэпутаты, нават нягледзячы на год «эканоміі і беражлівасці», палічылі гэта рэнтабельным…

Можа, падначаленым таварыша Якабсона варта пацікавіцца ва ўладаў абласнога цэнтра мэтазгоднасцю марнаванняў бюджэтных сродкаў на такія «рэформы»? А з дэпутатаў які попыт? Ужо ў сакавіку прызначаць іншых…

P.S: Поўны спіс пераназваных вуліц гл. па спасылцы.

Станіслаў Була, «ТВ»

Leave a Comment