«Цыганский вопрос»

Дом, што стаяў збоку ад сельсавета, выглядаў нежылым і закінутым: пабіты шыфер, адсутнасць электрычных правадоў, агароджы яшчэ больш прыдавалі ўпэўненасці ў тым, што ён закінуты. Падышоўшы да дому і прыслухаўшыся, я пачуў дзіцячы смех і дарослую размову на незразумелай мне мове, і толькі тады я паверыў, што ў такім доме «жывуць» людзі — і не толькі дарослыя, але і дзеці.


У хаце мяне сустрэла гаспадыня, Любоў Макарава, якая з’яўляецца маці семярым дзецям, двое з каторых — непаўнагадовыя. Дакладна сцвярджаць, што яны тут жывуць, я не магу, але калі гэта праўда – ў такіх умовах не тое што дзеці, але і дарослыя не павінны жыць. Выслухаўшы жанчыну пра яе беды і праблемы — дзяржаўныя чыноўнікі хочуць адабраць дзяцей, а саму пазбавіць дзеяздольнасці . Каб высветліць усе абставіны і пачуць «другі бок»я накіраваўся да мясцовага чыноўніка — старшыні сельсавета.

Гомель.
Старшыня Уладзімір Багданавіч

Старшыня Прыбарскага сельсавета Уладзімір Багданавіч, трохі хвалюючыся, пачаў распавядаць пра сітуацыю з сям’ёй Любові Макаравай і агульным  становішчам у цэлым на «ўверанай» яму адміністрацыйнай адзінцы.

«Праблем шмат, і мы іх не хаваем  —  спрабуем вырашаць па меры магчымасці, і многае нам удаецца«, — адзначыў старшыня сельсавета.

На тэрыторыі, падначаленай сельскаму савету, жыве каля 230 цыганоў — калі ён стаў тут старшынёй, сітуацыя з цыганамі была цяжкая, калі не сказаць катастрафічная: у школе навучалася толькі трое дзяцей цыганоў.  На працу цыганоў ніхто практычна не браў, ды і яны самі не маглі ўладкавацца па прычыне адсутнасці дакументаў —  пасведчання аб нараджэнні, пашпарта і інш.

Пакрысе, па крупінах Уладзімір Багданавіч разам з супрацоўнікамі сельсавета пачалі «разграбаць завалы» і наладжваць стасункі з мясцовым насельніцтвам, у тым ліку і з цыганамі. Вялікую ролю ў вырашэнні асноўных праблем згуляла тое, што і цыганы самі хацелі іх вырашыць — двое прадстаўнікоў цыганскай нацыянальнасці ўваходзяць у савет мясцовага кіравання.

Адукаваць, навучыць, дапамагчы ўзнавіць дакументы, тым самым вырашыць праблему інтэграцыі цыганоў у соцыум усё ж такі ўдалося.        Аднаму кіраўніку нельга вырашыць ніякую праблему, яе можна вырашыць толькі сумесна з насельніцтвам, і не шляхам дырэктыў і загадаў — тут трэба дыялог двух бакоў і жаданне зрабіць справу.  Ён асабіста дамаўляўся з кіраўнікамі прадпрыемстваў, каб уладкавалі людзей  на працу пад сваё слова, і працадаўцы ішлі насустрач.

І дасягненні не прымусілі сябе чакаць:  на сёняшні час у школу ходзяць 38 дзяцей з цыганскіх сем’яў; На працу ўладкавалася больш за 60% дарослых цыганоў; Цыганы працуюць у вайсковай частцы, у бальніцы, у сталовай, у школе… А вось увогуле ломка стэрэатыпаў — цыган працуе ахоўнікам!!! Адна дзяўчына вывучылася і стала настаўніцай, зараз працуе ў школе. На суботніку па навядзенню парадку ў вёсцы цыганы — на першых пазіцыях!

Школа.
Школа

Практычна ніхто з вясковых цыганоў ужо не ездзіць жабраваць ці гадаць на базар. Толькі не атрымліваецца з Любоўю Макаравай, бо  дыялог – гэта ўдзел двух бакоў, а з ей, атрымліваецца, маналог. Спрабавалі дапамагчы ёй і іншыя людзі, у тым ліку мясцовы фермер: набываў электралічыльнік, даваў грошы, жанчыне заставалася толькі аформіць дакументы і падвесці святло , але грошы разыходзіліся, а праца не рабілася.

У памяшканне сельсавета зайшоў высокі, добра апрануты чалавек з вялікімі мазолістымі рукамі, які апынуўся  Фёдарам Уладзіміравічам, прадстаўніком цыганскай дыяспары — кандыдат у дэпутаты мясцовага савета… На маё пытанне: «Чаму ён вырашыў балатавацца ў дэпутаты мясцовага савета?», — ен адказаў: «Каб  было зручней вырашаць праблемы жыхароў сельсавета, у тым ліку і цыган». На развітанне ён даў слова, што не падвядзе…

сельсавет
Каля сельсавета

 

Накіроўваючыся да аўтамабіля, зноў сустрэў Любоў Макараву. Жанчына плакала і пытала, ці ёсць у яе шанс не згубіць дзяцей? Схапіла мяне за руку і стала цалаваць, просячы аб дапамозе.  Сэрца «кроўю аблілося», ледзь  змог  перадаць ёй словы старшыні: «Усё у яе руках, толькі трэба выправіцца, пачаць нешта рабіць, каб палепшыць свой стан — зарэгістраваць дом, пайсці на працу«.

З цяжарам на сэрцы вяртаўся дамоў: зразумела, што дзяцей забяруць — умоваў няма,  ні спаць, ні дзе урокі рабіць , ужо не кажучы пра нармальнае харчаванне… У такім выпадку дзяржава бярэ на сябе гэтыя функцыі. Але сям’ю ды маці не заменіш, хай яна і неадукаваная, але з добрым сэрцам, і тое, што яна не атрымала падмуркавых ведаў, неабходных для паўнавартаснага жыцця ў грамадстве — віна грамадства і дзяржавы і гэтую праблему на ўзроўні сельсавета не вырашыць — там і так робяць звыш магчымага.                                                                     

Трэба, каб кожны з нас адчуў сябе гаспадаром краіны, адказным за будучыню сваей сям’і,  двара, горада, краіны    гэта ужо іншая сістэма кіравання краінай.  Пры якой не «цар» галоўны, а народ!  Вырашае не гарвыканкам,а орган мясцовага самакіравання.  Гэта — Еўрапейскія каштоўнасці, але, на жаль, мы абралі «азіяцкі дэспатызм» і у нас не самы горшы варыянт — пакуль не самы горшы!..

  Кастусь Жукоўскі. Спецыяльна для «ТВ»

Leave a Comment