Беларуская піўная галіна імкнецца нажыцца на замежніках падчас ЧС па хакеі

Улады не толькі выступілі з ініцыятывай гандляваць півам на хакейных арэнах і фан-зонах, але і вырашылі прыбраць з  прылаўкаў магазінаў у Мінску імпартнае піва.

Як мінімум, падчас трох тыдняў ЧС-2014 замежныя і айчынныя аматары хакея змогуць спрабаваць хмельныя напоі толькі вытворчасці беларускіх піўзаводаў.

Нагадаем, што ўрад Беларусі з 1 мая ўвёў ліцэнзаванне імпарту піва з-за межаў мытнай тэрыторыі Мытнага саюза. Выдаваць ліцэнзіі мусіць Міністэрства гандлю па ўзгадненні з канцэрнам “Белдзяржхарчпрам”. Узгадняць заявы аб выдачы ліцэнзіі “Белдзяржхарчпрам” будзе пры наяўнасці заключанага паміж ім і вытворцам піва пагаднення аб умовах паставак у Беларусь піва, які ўсталёўвае мінімальныя кошты на яго.

Але не паспелі імпарцёры ўкраінскіх і еўрапейскіх брэндаў абурыцца, як 7 мая з высокіх трыбун розніцы спусцілі патрабаванне прадаваць толькі піва, вырабленае ў Беларусі, піша TUT.BY.

Увечары 7 мая ў шматлікіх буйных крамах Мінска работнікі запаўнялі паліцы айчыннымі напоямі і хавалі падалей ад вачэй імпартнае, у тым ліку з Расіі. “З галаўнога офіса прыйшоў загад пакінуць толькі беларускае піва на паліцах. Дакладней толькі тое, што вараць у нас у краіне”, – сказалі ў супермаркеце “Алмі” у Масюкоўшчыне. У размешанай побач краме “Віталюр” увечары таксама спяшаліся пазбавіцца ад імпарту.“Загадалі імпартнае піва прыбраць куды падалей”, – сказала супрацоўніца крамы.

Сітуацыяй, якая стварылася, асабліва абураны імпарцёры піва. Яны здзіўленыя, што ў чыюсьці светлую галаву прыйшла ідэя падчас чэмпіянату свету, калі прыедзе шмат замежных заўзятараў, выставіць на паказ краіну такім чынам. “Толькі беларускае піва і адсутнасць сусветных брэндаў – пра якую адкрытасць і развітась рынку краіны можна казаць?” – задаюцца пытаннем гандляры замежным півам.

Імпарцёры ўпэўненыя, што распрацоўшчыкамі дадзенага рашэння “не былі улічаны і асаблівасці замежных хакейных заўзятараў”. “Беларускія маркі ні пра што ім не скажуць і не змогуць з’явіцца паказчыкам якасці пры знаёмстве з горадам ці установай. Але калі яны зойдуць у паб, дзе побач з сусветнымі брэндамі ёсць і беларускага гатунку – яны, вядома ж, пасля куфля свайго любімага захочуць паспрабаваць і беларускай “экзотыкі”, каб проста ацаніць, а калі яно ім спадабаецца, то запомніць і купіць наступным разам”, – мяркуюць яны.

“Вядома, можна запярэчыць, што калі іншага піва не будзе, то госцю не застанецца нічога іншага як замовіць тое, што ёсць у наяўнасці. Але ўражанне пра краіну і яе магчымасці будзе сапсавана. Тым больш ёсць шмат людзей, якія не будуць піць незнаёмыя ім напоі, а гэта зніжэнне сярэдняга чэка, а адпаведна выручкі і выплачаных падаткаў у бюджэт”, – аргументуюць імпарцёры памылковасць абмежавання продажаў замежнага піва.

Яны лічаць, што “адной з асноўных стратэгій краіны, якая імкнецца прыцягнуць сучасных турыстаў і зрабіць уязны турызм галіной, а не хобі, з’яўляецца ўмелае і правільнае спалучэнне двух тэндэнцый: глабалізацыі (наяўнасць вядомых/глабальных брэндаў) і нацыянальнай ідэнтычнасці/самабытнасці (мастацтва, лакальныя прадукты, іншыя асаблівасці)”. “Толькі гэтая камбінацыя і ні ў якім выпадку толькі адзін з фактараў будзе залогам поспеху ў прасоўванні турызму, асабліва еўрапейскай краіны”, – упэўненыя аматары глабальных брэндаў.

 

Просмотров: 0

%d такие блоггеры, как:
Яндекс.Метрика