Гомельскі аэрапорт вяртаецца да рэйсаў унутры краіны і за мяжу

Тураператары прадбачалі змены на рынку і звязвалі іх з тым, што гомельскія турысты баяцца вылятаць на адпачынак з Кіева. Кампаніі рызыкнулі выставіць адразу некалькі чартэрных праграм з Гомеля – ў Балгарыю і Грэцыю. А «Белавія» запускае праз Гомель рэйсы ў Мінск і Калінінград. Гомельскі аэрапорт стане альтэрнатывай «Барыспалю»?

 

 

Туркампанія «Аэратрэвел» прапанавала гомельскім турыстам прамой чартар у Бургас (Балгарыя). Першы рэйс, запланаваны з Гомеля, адправіцца 3 чэрвеня. Загрузка, кажуць спецыялісты, высокая.

«Гомельскія рэйсы загрузілі з самага пачатку, і вольных месцаў ужо практычна няма», – адзначыў кансалідатар па балгарскаму кірунку Аляксандр Іванчык.

«Сітуацыя ва Украіне да гэтага часу застаецца напружанай, і людзі баяцца вылятаць з Кіева. Таму гомельскія рэйсы загрузілі імгненна з глыбінёй продажаў да канца сезону, – працягвае тэму дырэктар гомельскай турфірмы «АліВія Трэвел» Валер Жлоба. – Насельніцтва Гомельскай вобласці – 2 млн. чалавек. Гэта досыць ёмісты рынак. У гэтым годзе адкаталі чартарныя праграмы. І калі ўсё будзе ўдала, людзі прызвычаюцца, і іх ужо не загоніш у Кіеў».

Туры з Гомеля ў Балгарыю, аднак, даражэй, чым аналагічныя з Кіева. У якасці прыкладу Валер Жлоба прыводзіць цэны тура на балгарскі курорт Сонечны бераг з вылетам з Гомеля і з Кіева. «6 чэрвеня нашыя турысты вылятаюць з Кіева. Пуцёўка на 12 начэй, пражыванне ў гатэлі тры зоркі, уключаны сняданкі і вячэры. Цана на аднаго чалавека – 300 еўра, і гэта ўжо з пералётам. З Гомеля такі тур будзе каштаваць у два разы даражэй».

А вось у Грэцыю цэны на вылет з Гомеля і Кіева практычна зраўняліся. У турфірме «Музенідзіс Трэвел» паведамілі, што на раннім браніраванні кошт на вылет у Грэцыю з Гомеля быў практычна роўны кіеўскаму. Менавіта таму туры раскупілі, як гарачыя піражкі.

«З Гомеля мы лётаем у Паўночную Грэцыю – горад Салонікі, – кажа спецыяліст аддзела рэкламы і PR Анастасія Пазнякова. – Першапачаткова мы планавалі распачаць ланцужок ў чэрвені, але ўжо ў сакавіку ўсе рэйсы былі раскупленыя, таму мы дадалі яшчэ адзін вылет, на 26 траўня».

Мінімальны кошт пакета на 11 дзён (пералёт, пражыванне і сняданкі) пачынаецца ад 900 еўра на дваіх.

«У Гомелі даволі паспяхова працуе наш рэгіянальны офіс, таму мы даўно думалі запусціць прамы рэйс. Аднак сітуацыя ва Украіне падштурхнула нас зрабіць гэта хутчэй», – адзначыла спецыяліст «​​Музенідзіс Трэвел». Паводле яе слоў, цікавасць да гомельскіх вылетаў праявілі не толькі мясцовыя жыхары, але таксама турысты з Магілёва і бліжэйшых украінскіх і расійскіх гарадоў.

«Попыт на нашыя рэгіянальныя туры высокі, таму Гомель цалкам можа стаць альтэрнатывай Кіеву, па меншай меры, для беларускіх турыстаў», – лічыць Анастасія Пазнякова.

Дырэктар гомельскага філіяла «Музенідзіс Тревел» Надзея Маліноўская адзначыла, што гомельскі аэрапорт абнавіўся да пачатку летняга сезона – з’явіўся wi-fi, кафэ: «Інфраструктура аэрапорта на высокім узроўні. Акрамя таго, ад цэнтра горада да аэравакзала ўсяго 5 км».

«Белавія» вяртаецца і да унутраных рэйсаў. 11 чэрвеня ў Гомель прыбудзе першы рэйс з Мінска, з наступным палётам у Калінінград. Кампанія запускае ўнутрырэспубліканскія пералёты, і Гомель стане першым пунктам. Рэйсы будуць ажыццяўляцца двойчы на тыдзень – па серадах і суботах, да 3 верасня. Для выканання палётаў будуць выкарыстоўвацца самалёты CRJ-200. Кошт квітка – ад 18 да 59 еўра, адзначылі ў авіякампаніі.

Па словах намесніка гендырэктара «Белавія» Ігара Чаргінца, дадзеныя пералёты пакуль не субсідуюцца з бюджэту. У канцы 2013 года міністр транспарту і камунікацый Анатоль Сівак даручыў авіякампаніі «Белавія» распрацаваць бізнэс-план па стварэнні міжрэгіянальных рэйсаў у Беларусі. Ігар Чаргінец адзначыў, што кампанія бізнес-план падрыхтавала і адправіла на ўзгадненне ў міністэрства. Дэталі дакумента пакуль не абвяшчаюцца, таму пакуль невядома, які яшчэ аэрапорт у Беларусі пасля Гомеля здабудзе новае жыццё.

Нагадаем, што тры гады таму быў зачынены рэйс «Гомельавія» Мінск-Гомель-Калінінград. Чыноўнікі называлі прычынай высокую канкурэнцыю з аўтобуснымі і чыгуначнымі перавозкамі.

Паводле naviny.by

Просмотров: 0

%d такие блоггеры, как:
Яндекс.Метрика