Гурту Amaroka афіцыйна забаранілі выступаць

Мінскі панк-гурт Amaroka атрымаў афіцыйны ліст з забаронай на канцэрт. Раней беларускім музыкам адмаўлялі ў пляцоўках, непублічна ціснучы на адміністрацыі клубаў і канцэртных залаў.

Прэзэнтацыю новага альбому Virus планавалі правесці 5 чэрвеня ў клубе Re:Public. У адпаведнасці з заканадаўствам музыкі падалі запыт у Менгарвыканкам на атрыманне гастрольнага пасведчання, але ім адмовілі.

Начальніца ўпраўлення культуры Мінгарвыканкама Віталіна Рудзікава ў адказе адзначыла, што змест рэпертуара гурта Amaroka падпадае пад дзеянне пункта 5 главы 2 Палажэння аб арганізацыі і правядзенні культурна-відовішчных мерапрыемстваў. Гэты пункт азначае, што чыноўнікі знайшлі ў песнях гурта прапаганду вайны, экстрымізму, альбо “пагрозу нацыянальнай бяспецы, грамадзкаму парадку, маральнасці і здароўю насельніцтва, правам і свабодам грамадзян”.

Як адзначыў лідэр гурта Зміцер Афанасенка, забарона канцэрта для музыкаў была зусім нечаканая і спачатку нават выклікала смех:

Калі вы знаёмыя з нашай творчасцю, то ведаеце, што там сапраўды няма ніякай крамолы, няма заклікаў да гвалту ці фашызму, як яны пішуць, спасылаючыся на гэты артыкул. І было смешна, але потым прыйшло разуменне, што гэта значыць нам нельга выступаць, нельга прэзентаваць, нельга сустракацца са слухачамі. То бок няма патрэбнага фідбэку, які заўжды атрымлівае гурт ад сваёй творчасці. А мы павінны яго атрымліваць, каб рухацца далей.

Афанасенка каментуе дальнейшыя дзеянні гурту:

Цяпер у нас на руках ёсць дакумент, і з ім ужо можна ісці далей. Бо ніякіх тлумачэнняў ніхто нам не даў дадаткова. З гэтым дакументам можна ісці нават у суд, але па-першае мы бы хацелі схадзіць на прыём да Рудзікавай. І няхай яна патлумачыць усю гэтую сітуацыю.

Лідэр гурту нават збіраецца прынесці Віталіне Рудзікавай дыск з новым альбомам на той выпадак, калі яна насамрэч не добра ведае творчасць музыкаў.

Добра будзе, калі яна пазнаёміцца з рэпертуарам. Я вось паглядзеў, што журналісты пашукалі пра Рудзікаву інфармацыю, яна сапраўды адукаваны чалавек. Мы лічам, што яна, магчыма, проста не знаёмая з нашай творчасцю. Можа, гэта не яе рашэнне, бо ёсць людзі і вышэй за яе, якія гэтым усім займаюцца.

Лідар гурту разважае:

У любы час былі гурты, якіх забаранялі. Забаранялі ў Маскве “Машину времени”, і ў нас не маглі выступаць самыя папулярныя і класныя гурты. І ў Еўропе ёсць такія прэцэдэнты. Заўжды забараняюць тых, хто хоча нешта сказаць, данесці, робіць нешта цікавае. Можа, яны хочуць зрабіць нам дадатковы піар, не спытаўшы ў нас.

Зміцер Афанасенка пагадзіўся, што піар, канешне файны, бо цяпер увесь байнэт кіпіць гэтай навіной: “Мы ўчора ж прэзентавалі сінгл. Ён хутка разыйшоўся, і людзі пішуць увесь вечар, раніцу і нават ноччу пісалі. Вельмі прыемна”.

У інтэрнет-прэзентацыі гурт пра свой сінгл напісаў так: 

Гэтым сынглам Pa vienaсh слухачоў мы запускаем наш музычны Virus. Можна ўжо пабачыць і вокладку будучага альбому, на якой чатырма сымбалямі мы перадаем з чаго складаецца Virus Amaroka:

нотка — кампанэнт «творчасьць»,

сэрца — кампанэнт «каханьне»,

Беларусь — кампанэнт «патрыятызм»,

вусны — кампанэнт «пяшчота».

Вось галоўныя кампанэнты ў творчасьці Amaroka, і мы хочам, каб слухаючы нашыя песні, вы падхапілі гэты вірус!.

Зараз гурт працуе ў штатным рэжыме. А вось канцэрт у падтрымку новага альбому, магчыма, прыйдзецца адкласці на наступны год. Падвіс і планаваны невялікі тур па-за Мінскам.

Музычны крытык Зміцер Падбярэзскі лічыць, што такія забароны — перажыткі савецкага часу.

Гэта яшчэ адно сведчанне, што мы з савецкіх часоў не вярнуліся. Бо калі ідэалогія пачынае ўмешвацца ў мастацтва, якое б яно не было, гэта прыкмета таталітарызму. Нейкія людзі, чыноўнікі, могуць дазволіць або не дазволіць людзям мастацтва дэманстраваць тое, што яны ўмеюць. Гэта проста глупства несусветнае. Так яны могуць пачаць дыктаваць паэтам, што пісаць, мастакам — што можна маляваць, што не. Дзіцячы сад!

Падбярэзскі выказаў думку, что канцэрт мінскіх панкаў забаранілі за тое, што тыя выступалі на Майдане:

Я больш, чым упэўнены, што тыя людзі, якія рыхтавалі дакумент і якія яго падпісвалі, яны проста не ў курсе таго, што адбываецца ў рок-музыцы наогул і ў прыватнасці што робіць гэты калектыў.

 

naviny.by

Просмотров: 0

%d такие блоггеры, как:
Яндекс.Метрика