Уручэнне прэміі “За свабоду думкі” (фота)

У вёсцы Бычкі Ушацкага раёна Віцебскай вобласці, на радзіме Васіля Быкава адбылося ўручэнне прэміі “За свабоду думкі”. У гэтым годзе ўладальнікам прэстыжнай прэміі стаў вядомы беларускі бард, акцёр, паэт з Гродна – Віктар Шалкевіч.

На ўрачыстасці сабралася больш за 200 чалавек. Прысутнічалі сястра Быкава Валянціна Уладзіміраўна і жонка Рыгора Барадуліна Валянціна Міхайлаўна. Выступалі паэты, грамадскія дзеячы, палітыкі, прадстаўнікі адміністрацыі і музея.

Уручаў прэмію, лідэр руху “За Свабоду” Аляксандр Мілінкевіч:

Віктар Шалкевіч – гэта частка душы сённяшняга Гродна, ён захоўвае тое, што ў нас было добрага, і нясе ў будучыню. Ён з тых людзей, якія маюць у душы ўнутраную свабоду.

“Тое, што адбываецца ў маёй галаве, здаецца, не залежыць ні ад каго, – адзначыў Шалкевіч. – Я не сутыкаўся за ўсё сваё жыццё з тым, каб мяне абмяжоўвалі ў гэтым сэнсе. Заўсёды думаў і пісаў тое, што хацеў”.

З Гомелю на ўручэнні прэміі прысутнічалі прадстаўнікі кааліцыі “Наша Альтэрнатыва”, “Малады Фронт” і “Аб’яднаная Грамадзянская Партыя”

Прэмія “За свабоду думкі” імя Васіля Быкава заснаваная рухам “За Свабоду” у 2008 годзе. Штогод прэмію атрымліваюць грамадскія і творчыя дзеячы. Лаўрэатамі прэміі ў мінулыя гады былі Лявон Вольскі, Алесь Пушкін, Уладзімір Някляеў, Зміцер Вайцюшкевіч, Алесь Марачкін.

Просмотров: 0

%d такие блоггеры, как:
Яндекс.Метрика